Каб папярэдзіць любыя згубныя наступствы і рызыку прычынення шкоды, мы выдаляем кантэнт, які садзейнічае эксплуатацыі людзей, у тым ліку гандлю людзьмі, або каардынуе падобную дзейнасць. Мы вызначаем гандаль людзьмі як камерцыйную дзейнасць, у рамках якой людзей пазбаўляюць свабоды дзеля атрымання прыбытку. Сюды адносіцца эксплуатацыя людзей з мэтай іх прымусу да аказання платных сексуальных паслуг, працы і іншых дзеянняў супраць іх волі. У аснове такой эксплуатацыі ляжаць зман, гвалт і прымус людзей, іх зневажанне праз пазбаўленне волі, у выніку чаго эканамічную і матэрыяльную выгаду атрымліваюць іншыя асобы.
Гандаль людзьмі — мнагапланавая праблема, якая мае глабальны маштаб. Яна можа закрануць любога чалавека, незалежна ад яго ўзросту, сацыяльна-эканамічнага статусу, этнічнай прыналежнасці, полу або месцазнаходжання. Гандаль людзьмі прымае мноства форм, і кожная сітуацыя можа ўключаць у сябе розныя этапы развіцця. Парушэнне носіць прымусовы характар, гэта значыць адбываецца супраць волі ахвяр.
Хоць гандаль людзьмі і кантрабанда людзей не тоесныя паняцці, яны могуць быць звязаныя і адбывацца паралельна. ААН вызначае кантрабанду людзей як арганізацыю незаконнага пранікнення людзей на тэрыторыю дзяржавы праз міжнародныя межы або спрыянне такім дзеянням. Нават пры адсутнасці прымусу або гвалту кантрабанда людзей можа весці да эксплуатацыі безабаронных асоб, якія спрабуюць пакінуць родную краіну часта ў пошуках лепшага жыцця. Кантрабанда людзей — гэта злачынства супраць дзяржавы, у аснове якога ляжыць перапраўленне людзей праз мяжу, а гандаль людзьмі — злачынства супраць чалавека, заснаванае на яго эксплуатацыі.
Апроч кантэнту, у якім асуджаецца кантрабанда людзей або гандаль імі, які прызначаны для прыцягвання ўвагі да гэтых праблем або распаўсюджвання навін аб іх, мы дазваляем публікаваць матэрыялы, у якіх людзі запытваюць або прапануюць інфармацыю аб асабістай бяспецы, перасячэнні меж, пошуку палітычнага прытулку і спосабах пакінуць якую-небудзь краіну.
Забаронена
Кантэнт, дзеянні або ўзаемадзеянні, якія прызначаюцца для залучэння ў гандаль людзьмі, спрыяюць гандлю людзьмі або эксплуатуюць людзей з дапамогай хаця б адной з наступных форм гандлю людзьмі:
гандаль людзьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі (любыя камерцыйныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх асоб або любыя камерцыйныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да дарослых асоб, якія ўключаюць у сябе гвалт, падман ці прымус);
гандаль дзецьмі з мэтай незаконнага ўсынаўлення або ўдачарэння;
гандаль дзецьмі-сіротамі або валанцёрскі турызм, звязаны з дзецьмі-сіротамі;
прымусовыя шлюбы (у тым ліку дзіцячыя шлюбы);
эксплуатацыя працы (у тым ліку прымусовая праца);
прымусовая хатняя праца;
гандаль органамі, якія не рэгенерыруюцца, за выключэннем іх выдалення, донарства або трансплантацыі ў кантэксце, не звязаным з эксплуатацыяй;
прымусовая крымінальная дзейнасць (напрыклад, прымусовае жабраванне, прымусовы гандаль наркотыкамі);
вербаванне непаўналетніх салдат.
Кантэнт, у якім трэці бок залучае людзей да камерцыйных дзеянняў сексуальнага характару, спрыяе такім дзеянням або атрымлівае ад іх фінансавую ці іншую выгаду.
Кантэнт, у якім прапануецца або прасоўваецца кантрабанда людзей.
Кантэнт, у якім запытваюцца паслугі па кантрабандзе людзей.
Мы дазваляем публікаваць кантэнт, на які распаўсюджваецца гэта палітыка, у кантэксце асуджэння, павышэння дасведчанасці, прыцягнення ўвагі або рэпартажу навін.
У рамках нашых правіл адносна эксплуатацыі людзей мы выкарыстоўваем аўтаматызаваныя сістэмы і залучаем спецыялістаў па праверцы, якія могуць улічваць розныя паводзінавыя сігналы для выяўлення парушэнняў і прыняцця мер у дачыненні да акаўнтаў, якія парушаюць правілы.
- Мы можам выдаляць акаўнты на аснове іх узаемадзеянняў з іншымі акаўнтамі, якія парушаюць правілы, пошукавых запытаў кантэнту, які парушае правілы, або ўзаемадзеянняў з ім, а таксама ўдзелу ў супольнасцях (напрыклад, у групах), якія мы выдалілі за парушэнне нашых правіл.
Нормы супольнасці, для забеспячэння выканання якіх нам патрабуецца дадатковая інфармацыя і/ці кантэкст