Нормы супольнасці

Нормы супольнасці вызначаюць, што дазволена і што забаронена на Facebook, у Instagram, Messenger і Threads.
Уводзіны
Гэтыя нормы створаны на аснове водгукаў людзей і рэкамендацый экспертаў у сферах тэхналогій, грамадскай бяспекі і праў чалавека. Мы шануем кожнае меркаванне і прыкладаем усе намаганні, каб ахапіць розныя пункты гледжання і перакананні, асабліва калі гаворка ідзе пра людзей і супольнасці, чые галасы ў іншым выпадку маглі б застацца непачутымі.
Карыстальнікі Facebook, Instagram, Messenger і Threads штодзень расказваюць пра сваё жыццё, узаемадзейнічаюць з сябрамі і сваякамі, а таксама ствараюць супольнасці. Мільярды людзей з розных краін і культур выкарыстоўваюць нашы сэрвісы як пляцоўкі для свабоднага самавыяўлення на дзясятках моў.
Meta разумее важнасць Facebook, Instagram, Messenger і Threads як пляцовак для камунікацыі і прыкладае ўсе намаганні, каб абараніць іх ад парушэнняў. Таму мы распрацавалі нормы, якія рэгулююць, што дазволена і што забаронена ў гэтых сэрвісах.
Заўвага: версія Норм супольнасці на англійскай мове для ЗША з’яўляецца найбольш актуальнай і павінна выкарыстоўвацца ў якасці асноўнай версіі гэтага дакумента.
Наша імкненне даць слова кожнаму
Мэта Норм супольнасці — стварыць прастору для самавыяўлення і даць людзям магчымасць выказаць сваё меркаванне. Meta хоча, каб людзі маглі адкрыта выказвацца пра важныя для іх праблемы з дапамогай пісьмовых каментарыяў, фота, музыкі або іншых мастацкіх сродкаў, нават калі хтосьці не згодны з іх думкамі або лічыць іх спрэчнымі. У пэўных выпадках мы дазваляем абагульванне кантэнту, які ў іншых сітуацыях лічыўся б парушэннем нашых норм, напрыклад калі лічым яго вартым публікацыі або цікавым для грамадства. Прымаючы падобныя рашэнні, мы старанна вывучаем узровень грамадскай значнасці кантэнту і рызыку таго, што ён прычыніць шкоду, а таксама ўлічваем міжнародныя нормы ў галіне праў чалавека. У іншых выпадках мы можам выдаляць кантэнт, у якім выкарыстоўваюцца двухсэнсоўныя ці ўскосныя фармуліроўкі, калі дадатковы кантэкст дазваляе абгрунтавана зразумець, што гэты кантэнт супярэчыць нашым нормам.
Забеспячэнне свабоды самавыяўлення — наш прыярытэт, аднак мы разумеем, што сёння ў інтэрнэце з’яўляецца ўсё больш магчымасцей для злоўжыванняў. Таму ў тых выпадках, калі нам прыходзіцца абмяжоўваць самавыяўленне, мы кіруемся адной ці некалькімі з указаных ніжэй каштоўнасцей.
САПРАЎДНАСЦЬ
Мы імкнёмся забяспечыць сапраўднасць кантэнту, які бачаць карыстальнікі. Мы ўпэўненыя, што такім чынам ствараем больш спрыяльнае для камунікацыі асяроддзе. Мы не хочам, каб людзі выкарыстоўвалі нашы сэрвісы для падавання непраўдзівай інфармацыі пра сябе або сваю дзейнасць.
БЯСПЕКА
Мы робім усё магчымае, каб гарантаваць бяспеку на Facebook, у Instagram, Messenger і Threads. Мы выдаляем кантэнт, які можа садзейнічаць узнікненню пагрозы для фізічнай бяспекі людзей. Кантэнт, які змяшчае пагрозы, можа запалохаць іншых людзей або прымусіць іх маўчаць. Такія паводзіны забароненыя ў нашых сэрвісах.
ПРЫВАТНАСЦЬ
Мы робім усё магчымае, каб абараніць канфідэнцыяльнасць асабістай інфармацыі і недатыкальнасць прыватнага жыцця. Налады прыватнасці дазваляюць карыстальнікам быць сабою і самастойна вырашаць, як і калі абагульваць інфармацыю ў нашых сэрвісах, а таксама спрашчаюць узаемадзеянне.
ГОДНАСЦЬ
Мы ўпэўненыя, што ўсе людзі роўныя ў сваёй годнасці і правах. Мы чакаем, што нашы карыстальнікі будуць шанаваць годнасць іншых людзей, а таксама ўстрымлівацца ад цкавання і зневажэнняў.
Нормы супольнасці
Нормы супольнасці прымяняюцца да ўсіх карыстальнікаў па ўсім свеце і да ўсіх відаў кантэнту, у тым ліку згенерыраваных ШІ.
Кожны раздзел Норм супольнасці пачынаецца з абгрунтавання правіл, у якім апісваюцца іх мэты, а затым выкладаюцца прадугледжаныя правіламі межы дапушчальнага, якія вызначаюць:
забаронены кантэнт;
кантэнт, для якога патрабуецца дадатковая інфармацыя ці кантэкст для прыняцця мер па забеспячэнні выканання правіл; дазволены кантэнт, для якога патрабуецца экран з папярэджаннем; або дазволены кантэнт, які могуць праглядаць толькі дарослыя ва ўзросце ад 18 гадоў.